СТРАТЫГРАФІ́ЧНАЯ ЗО́НА, храназона,

падраздзяленне агульнай стратыграфічнай шкалы; частка яруса. Падзяляецца на падзоны. Вылучаецца паводле біястратыграф. даных і адлюстроўвае стадыю развіцця выкапнёвых груп фауны і флоры. Межы С.з. адбіваюцца па ніжнім і верхнім рубяжах стратыграф. пашырэння відаў жывёл і раслін, што хутка эвалюцыяніравалі і набылі шырокае распаўсюджанне (напр., комплексы грапталітаў, канадонтаў, аманітаў, фарамініфер). Зоны выкарыстоўваюць для карэляцыі асадкавых адкладаў, вызначэння межаў і аб’ёму стратыграф. падраздзяленняў (сістэм, аддзелаў, ярусаў), высвятлення паўнаты геал. разрэзаў і аб’ёмаў перарываў у асадканамнажэнні. Геахраналагічны эквівалент С.з. — фаза (час).

С.​А.​Кручак.

т. 15, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)